Чую аднекуль, нібы здалёк
Доўгі самотны покліч!
Гэта трубіць старажытны рог,
Гараць зьнічкі згаслых вогнішч.
Восеньскі вецер зашуміць,
Зноў ажыве паданьне,
І над балотамі праляціць
Дзікае паляваньне!
Не пакідаючы сьлядоў,
Чорныя коні скачуць,
Коні без цугляў і без падкоў,
Ценяў іх не ўбачыць,
А вершнікаў твары схаваны ўначы,
Яны – маўклівыя здані,
Зьзяюць сьмяротным сьвятлом мячы
Дзікага паляваньня.
Наперадзе постаць мінулых дзён –
Кароль у залатой кароне,
Не зможа ніколі спыніцца ён
У адвечнай сваёй пагоні.
Месяц між хмар і лапы ялін,
Багна пад капытамі,
Сівая легенда глухіх мясьцін –
Дзікае паляваньне.
Белай наміткай туман ляжыць
Над рэкамі і палямі,
Змрочнай маўклівай чаргой ляціць
Дзікае паляваньне.
Вялікага Княства ваяры
За далягляд імкнуцца,
Каб захавалася на зямлі
Легенда аб Беларусі.