Вясновы дзень быў радасьцю даўгі,
Ды скарацеў, зрабіўшыся зімовым.
Цяпер даўжэе ноч маёй тугі,
Яна не падуладная замовам.
Я разумею ноч, а мне яна
Не паспрыяе, не паспагадае.
Тады было сьвятло, была вясна,
Цяпер азябла цемра галадае.
А ўсё таму, што Вас няма са мной,
А Вы былі калісьці ці ніколі,
Былі маёй зялёнаю вясной,
Вясёлаю бярэзінаю ў полі.
Як той бяздушны вецер, я п’янеў,
І быў зялёны я ў сваім наіве.
Быў добры першы гром, і першы гнеў,
І першы сьлед на некранутай ніве.
Штоноч даўжэе ноч маёй тугі,
Радзей вясновае сьвітаньне сьніцца.
Зьвіняць майго адчаю ланцугі.
Самота – беспрасьветная цямніца.